ДАКУ́ДАЎСКАЕ БАЛО́ТА,

у Лідскім р-не Гродзенскай вобл., у вадазборы р. Лідзея (прыток Дзітвы) і р. Нарва (прыток Нёмана). Нізіннага, вярховага і мяшанага тыпаў. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,3 тыс. га. Глыб. торфу 6,7 м, сярэдняя 3 м. Ёсць сапрапель. Асушаная ч. балота выкарыстоўваецца для торфаздабычы і для вырошчвання пераважна сеяных траў. На неасушанай ч. растуць карлікавая бяроза, хвоя, вярба, асокі, журавіны.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)